Гульня-конкурс «Буслік» (далей – «конкурс») праводзіцца з 2004 года з мэтай развіцця і падтрымкі цікавасці школьнікаў да вывучэння беларускай мовы, літаратуры і мовазнаўства.
Конкурс узнік па ініцыятыве настаўнікаў беларускай мовы і праводзіцца па правілах вядомай міжнароднай матэматычнай гульні-конкурсу «Кенгуру».
У адрозненне ад алімпіяд удзельнікамі конкурсу могуць быць усе жадаючыя вучні 2-11 класаў. Конкурс не прадугледжвае папярэдняга адбору і наступнага выключэння ўдзельнікаў.
Конкурс праводзіцца ў школах, ліцэях, гімназіях, дзе навучаюцца ўдзельнікі, у адзін і той жа дзень. Работа непасрэдна над заданнем працягваецца роўна 1 гадзіну 15 хвілін. Кожны ўдзельнік выконвае заданне самастойна і сумленна. Ручка, чарнавік, картка ўдзельніка і заданне – гэта ўсё, што патрэбна для работы ўдзельніку. У час выканання задання ўдзельнікам забараняецца карыстацца якімі-небудзь крыніцамі інфармацыі і сродкамі сувязі, мець зносіны з іншымі ўдзельнікамі і задаваць пытанні. Пасля заканчэння конкурсу лісток з заданнем і чарнавік удзельнік забірае з сабой і захоўвае да падвядзення канчатковых вынікаў.
Удзельнікам конкурсу прапануецца заданне з 24 пытанняў для 2-4 класаў і з 30 пытанняў для 5-11 класаў. Кожнае пытанне ўтрымлівае 5 варыянтаў адказу, сярод якіх толькі адзін правільны. Аб’ём і змест задання не прадугледжваюць яго поўнага выканання ўдзельнікамі. У заданне ўключаны пытанні, веды пра якія не прадугледжаны школьнай праграмай.
На старце кожны ўдзельнік з 2-4 класаў атрымлівае 24 балы, з 5-9 класаў – 30 балаў.
За кожны правільны адказ (у залежнасці ад складанасці пытання) удзельніку залічваецца 3, 4 ці 5 балаў. За няправільны адказ у ўдзельніка аднімаецца чвэрць балаў, прадугледжаных за дадзенае пытанне, але калі ўдзельнік не дасць адказу, то захавае набраныя раней балы. Складанасць кожнага пытання вызначаецца колькасцю ўдзельнікаў, якія правільна адказалі на яго. 8 (10) найбольш лёгкіх пытанняў ацэньваюцца па 3 балы, 8 (10) найбольш цяжкіх – па 5 балаў, астатнія 8 (10) пытанняў – па 4 балы. Пераможцы конкурсу вызначаюцца па найбольшай колькасці набраных балаў.
Максімальная колькасць балаў, якую можа набраць удзельнік у 2-4 класах – 120, у 5-6 класах – 150.
У конкурсе няма прайграўшых. Незалежна ад выніку, кожны ўдзельнік атрымлівае прыз «для ўсіх». Прадугледжваецца дадатковае ўзнагароджванне 20% ўдзельнікаў, якія паказалі лепшыя вынікі ў сваіх установах адукацыі.
Самастойная і сумленная работа над заданнем – галоўнае патрабаванне арганізатараў да ўдзельнікаў конкурсу. Прадугледжана дыскваліфікацыя ўдзельнікаў і ўстаноў адукацыі, якія парушылі гэта патрабаванне.
Вынікі ўсіх удзельнікаў размяшчаюцца ў адкрытым доступе на сайце: папярэдния – праз 1-2 месяцы пасля правядзення конкурсу, канчатковыя – праз 15 дзён пасля размяшчэння папярэдніх. Пасведчанні ўдзельнікаў і прызы ўручаюцца ўдзельнікам конкурсу раённымі (гарадскімі) і школьнымі аргкамітэтамі праз 3-7 месяцаў пасля правядзення конкурсу.
Вынікі камандных выступленняў паміж класамі, школамі, раёнамі і абласцямі не падводзяцца.
Удзельнікі конкурсу ўносяць арганізацыйны ўзнос, які выкарыстоўваецца на правядзенне конкурсу і заахвочванне ўдзельнікаў і арганізатараў.