Вынікі конкурсу "Буслік-2018"

10.04.2018

Буслік

Падведзены вынікі конкурсу "Буслік-2018". Гульня-конкурс "Буслік-2018" праводзілася 15 лютага 2018 года. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 104 251 навучэнец з 2 672 устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У гульні-конкурсе па беларускай мове "Буслік-2018" прынялі ўдзел 104 251 навучэнец, што на 2937 (2,8%) менш у параўнанні з конкурсам папярэдняга навучальнага года. Толькі Брэсцкая і Гомельская вобласці змаглі арганізаваць на 2% больш удзельнікаў у параўнанні з мінулым годам. У астатніх рэгіёнах адбылося зніжэнне колькасці ўдзельнікаў, прычым найбольш значнае у сталіцы – на 8,8%. Далей ідуць Гродзенская (7,2%), Мінская (3,8%), Магілёўская (1,4%) і Віцебская (1,2%) вобласці. Размеркаванне ўдзельнікаў па рэгіенах адлюстравана на дыяграме:

Буслік

Конкурс праводзіўся па пяці варыянтах заданняў, якія былі падрыхтаваны для вучняў 3-11 класаў. Найбольшую колькасць удзельнікаў склалі вучні 5-6 класаў. Праявілі цікавасць і прынялі ўдзел у гульні і навучэнцы 2 класа. Размеркаванне ўдзельнікаў у адпаведнасці з класамі наступнае:

Буслік

На дыяграмах ніжэй прыведзены дадзеныя аб тым, які працэнт правільных адказаў атрыманы ад удзельнікаў на кожнае з пытанняў задання. Узроўні складанасці пытанняў у 3, 4 і 5 балаў для нагляднасці вылучаны рознымі колерамі. Нагадаем, што ўзровень складанасці пытанняў вызначаецца пасля праверкі ўсіх работ па колькасці ўдзельнікаў, што адказалі на іх правільна. 10 (8 для вучняў 3-4 класаў) найбольш лёгкіх пытанняў, на якія правільна адказалі найбольшая колькасць удзельнікаў, ацэньваюцца па 3 балы, 10 (8) найбольш цяжкіх пытанняў ацэньваюцца па 5 балаў, астатнія 10 (8) пытанняў ацэньваюцца па 4 балы.

Паспяховасць выканання задання для 3-4 класаў самымі юнымі ўдзельнікамі, якія навучаюцца ў 2 класе і пажадалі праверыць свае веды:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 3-4 класаў вучнямі 3 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 3-4 класаў вучнямі 4 класа:

Буслік

З дыяграм бачна, што не ўсе пытанні задання былі аднолькава складанымі для ўдзельнікаў з розных паралеляў. Так, амаль палова пытанняў, а менавіта №№1, 3, 6, 9, 10, 11, 12, 14, 15, 18, 19, 22, 23 і 24 ацэнены для ўдзельнікаў з розных паралеляў у розную колькасць балаў. Варта звярнуць увагу на тое, што на большасць пытанняў чацвёракласнікі адказвалі больш паспяхова, чым вучні 3 класа. Выключэнне склалі толькі пытанні №№7, 9, 15, 19 і 20, на якія малодшыя ўдзельнікі адказвалі больш паспяхова. Што ж тычыцца невялікай групы другакласнікаў (на аднаго ўдзельніка, вучня 2 класа, прыйшлося 93 вучні з трэцяга класа), то ў параўнанні з трэцякласнікамі яны справіліся з заданнем больш удала – толькі на трэць пытанняў вучні 3 класа адказвалі лепш за другакласнікаў (№№1, 4, 5, 6, 11, 12, 13, 15 і 16). Другакласнікі больш паспяхова справіліся з адказамі на пытанні №№2, 7, 9, 10, 18, 19, 20, 21, 23 і ў параўнанні з вучнямі 4 класа, а на пытанне №14 адказвалі аднолькава паспяхова. Магчыма, што ў конкурсе прынялі ўдзел найбольш падрыхтаваныя і зацікаўленыя беларускай мовай вучні другога класа. Рознымі для ўдзельнікаў 2-4 класаў аказаліся самыя лёгкія і самыя складаныя пытанні задання. Для вучняў 2 класа самым лёгкім стала пытанне №9 пра назву народнай казкі (82% правільных адказаў). Найбольшую колькасць правільных адказаў трэцякласнікі і чацвёракласнікі далі на пытанне №16 (84% і 91% адпаведна) пра прафесію журналіста. Найбольш складанымі для другакласнікаў аказаліся пытанні №6 і №7. Народную загадку пра сонца з пытання №6 адгадалі толькі 27% другакласнікаў (большасць удзельнікаў выбралі ў якасці правільнага адказу варыянт “гусь”). Такая ж колькасць удзельнікаў (27%), вучняў 2 класа, змаглі правільна падлічыць колькасць гукаў [у] пры адказе на пытанне №7. Большасць удзельнікаў указалі, што колькасць гукаў роўна тром, забыўшыся, што літара ю таксама дае гук [у]. Пытанне №7 аказалася складаным і для вучняў 3 і 4 класаў, але самым складаным для іх стала пытанне №20 пра народны выраз “Па кропельцы – рэчка, па травінцы – копка, а па копцы – стог”. Ведалі гэтую прыказку 15% трэцякласнікаў і 14% чацвёракласнікаў.

Звесткі аб выкананні задання для 5-6 класаў вучнямі 5 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 5-6 класаў вучнямі 6 класа:

Буслік

З-за недакладнай фармулёўкі пытанне №30 гэтага задання не ацэньвалася (аўтар не ўдакладніў, што ў пытанні мелася на ўвазе колькасць літар у класічным лацінскім алфавіце).

У гэтым заданні ў розную колькасць балаў для ўдзельнікаў з розных паралеляў ацэнены пытанні №7 і №22, пры гэтым на пытанні №№4, 5, 14, 18 і 25 у працэнтных адносінах пяцікласнікі адказвалі больш паспяхова, чым шасцікласнікі, а на пытанні №7 і №10 аднолькава паспяхова. Для ўдзельнікаў, навучэнцаў 5 і 6 класаў, самым лёгкім аказалася пытанне задання №3 пра дранікі (90% і 92% правільных адказаў адпаведна). Найбольш складаным аказалася пытанне №26. 19% пяцікласнікаў і 25% шасцікласнікаў правільна адказалі, што ў старажытныя часы лічэбнік трыдзявяты абазначаў лік 27, большасць жа удзельнікаў дала адказ, што гэта лік 39.

Інфармацыя аб выкананні задання для 7-8 класаў вучнямі 7 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 7-8 класаў вучнямі 8 класа:

Буслік

У гэтым заданні ўсе пытанні ацэнены ў аднолькавую колькасць балаў для ўдзельнікаў з абедзвюх паралеляў, але на пытанні №№2, 13, 15, 19 і 25 у працэнтных адносінах сямікласнікі адказвалі больш паспяхова чым васьмікласнікі, а на пытанне №8 аднолькава паспяхова. Пытанне №15 на пошук тэматычна лішняга слова ў радзе стала самым лёгкім пытаннем гэтага задання. Правільны адказ на яго далі 88% удзельнікаў–сямікласнікаў і 87% васьмікласнікаў. Менш за ўсе правільных адказаў атрымана на пытанне №5. Толькі 11% вучняў 7 класа і 14% навучэнцаў 8 класа правільна адказалі, якім членам сказа з’яўляюцца выдзеленыя словы.

Звесткі аб выкананні задання вучнямі 9 класа:

Буслік

Самым лёгкім пытаннем гэтага задання аказалася пытанне №4 (85% правільных адказаў), у якім прапанавалася дапоўніць народны выраз. Найбольш складаным для дзевяцікласнікаў стала пытанне №9 (21% правільных адказаў), у якім трэба было знайсці правільна напісаныя словы.

Паспяховасць выканання задання для 10-11 класаў, над якім працавалі дзесяцікласнікі:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 10-11 класаў вучнямі 11 класа:

Буслік

У гэтым заданні пытанні №№ 14 і 23 ацэнены ў розную колькасць балаў, пры гэтым у цэлым з заданнем дзесяцікласнікі справіліся значна лепш выпускнікоў. Толькі на пытанні №№5, 13 і 27 адзінаццацікласнікі адказвалі больш паспяхова, а на пытанні №3 і №30 аднолькава паспяхова з дзесяцікласнікамі. Сярэдні бал за заданне для паралелі 10 класа вышэй сярэдняга бала для 11 класа. Самым лёгкім пытаннем гэтага задання стала пытанне №1. 91% дзесяцікласнікаў і 86% адзінаццацікласнікаў адгадалі народную загадку пра лёд. Меньш за ўсё правільных адказаў атрымана на пытанне №27. Пра тое, што даследаваннем жыцця і творчасці М. Багдановіча займалася Н.Б. Ватацы, ведалі 16% вучняў 10 класа і 17% выпускнікоў.

Узровень складанасці заданняў у цэлым характарызуе сярэдні бал па краіне. На наступнай дыяграме паказаны сярэдні бал для кожнай паралелі:

Буслік

З шкадаваннем адзначаем, што не заўсёды высокія вынікі дасягаліся ў сумленнай гульні. Азмрочвае падвядзенне вынікаў конкурсу факт таго, што выяўлены выпадкі парушэння правілаў гульні некаторымі ўдзельнікамі і арганізатарамі конкурсу. Дыскваліфікацыйнай камісіяй прынята рашэнне аб дыскваліфікацыі некалькіх устаноў адукацыі. Нагадваем, што самастойная работа над заданнем – галоўнае патрабаванне да ўдзельнікаў конкурсу.

Нагадваем удзельнікам і арганізатарам конкурсу, што на працягу месяца вынікі з'яўляюцца папярэднімі. На працягу гэтага перыяду мы прымаем і разглядаем вашыя звароты і заўвагі. Праз 1 месяц пасля размяшчэння на сайце папярэднія вынікі конкурсу аб'яўляюцца канчатковымі і ніякім зменам не падлягаюць.

Кожны ўдзельнік можа паглядзець выкананае заданне, прааналізаваць яго, правесці работу над памылкамі. Для зарэгістраваных удзельнікаў з'явілася магчымасць сабраць у асабістым кабінеце вынікі іх удзелу ў гульнях-конкурсах. Пасля таго, як вынікі конкурсу стануць канчатковымі, на старонцы выкананага ўдзельнікам задання будзе размешчана кнопка Дадаць у асабісты кабінет. У раздзеле Удзел у гульнях-конкурсах асабістага кабінета вы зможаце не толькі стварыць спіс конкурсаў, у якіх прымалі ўдзел, з хуткім доступам да прагляду выкананага задання, але і атрымаць электронны варыянт пасведчання ўдзельніка.

Аргкамітэт віншуе ўсіх удзельнікаў конкурсу "Буслік-2018". Кожны ўдзельнік атрымае прыз «для ўсіх». Навучэнцы, якія паказалі лепшыя вынікі ў сваім раёне і ва ўстанове адукацыі, будуць заахвочаны дадатковымі прызамі. Выказваем падзяку арганізатарам, якія адказна ставяцца да арганізацыі і правядзення конкурсу.

Усім удзельнікам конкурсу жадаем поспехаў у вучобе, у розных конкурсах і спаборніцтвах, творчага натхнення, рэалізацыі яркіх і цікавых ідэй.

uparrow