Вынікі конкурсу "Буслік-2025"

11.04.2025

Буслік

Падведзены вынікі гульні-конкурсу па беларускай мове і літаратуры "Буслік-2025". Конкурс быў праведзены 13 лютага 2025 года. У ім прынялі ўдзел 61 308 навучэнцаў з 1905 устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Конкурс праводзіўся па шасці варыянтах заданняў, якія былі падрыхтаваныя для вучняў 2-11 класаў. Праявілі цікавасць і прынялі ўдзел у гульні і сем навучэнцаў першага класа. Размеркаванне ўдзельнікаў у адпаведнасці з класамі наступнае:

Буслік

На дыяграмах ніжэй прыведзены звесткі аб тым, які працэнт правільных адказаў атрыманы ад удзельнікаў на кожнае з пытанняў задання. Узроўні складанасці пытанняў у 3, 4 і 5 балаў для нагляднасці абазначаны рознымі колерамі. Нагадаем, што ўзровень складанасці пытанняў вызначаецца пасля праверкі ўсіх работ па колькасці ўдзельнікаў, якія адказалі на іх правільна. Дзесяць (восем для вучняў 1-4 класаў) найбольш лёгкіх пытанняў, на якія правільна адказала большасць удзельнікаў, ацэньваюцца па 3 балы, дзесяць (восем) найбольш цяжкіх пытанняў – па 5 балаў, астатнія дзесяць (восем) – па 4 балы.

Паспяховасць выканання задання для 2 класа:

Буслік

На дыяграме можна ўбачыць, што самыя юныя ўдзельнікі конкурсу досыць паспяхова справіліся з заданнем. Лідарам па колькасці правільных адказаў (90%) стала пытанне №12, у якім прапанавалась выбраць словы з літарай ё. Менш за ўсё правільных адказаў (47%) атрымана на пытанне №21, аб тым, з назваў якіх літар можна прыгатаваць страву.

Паспяховасць выканання задання для 3-4-х класаў вучнямі 3 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 3-4-х класаў вучнямі 4 класа:

Буслік

З дыяграм бачна, што пытанні №9 і №19 ацэнены для ўдзельнікаў з розных паралеляў у розную колькасць балаў. Для вучняў трзцяга класа самым лёгкім стала пытанне №2 (94% правільных адказаў) пра прывітанне ў гасцях. Чацвёртакласнікі лепш за ўсё справіліся з пытаннем №15 (94% правільных адказаў) пра слова-антонім ў спалучэнні. Менш за ўсё правільных адказаў (23% і 21% адпаведна) атрымана на пытанне №17 пра словы, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку. Большасць удзельнікаў не ведалі, што слова крупы ў беларускай мове ўжываецца толькі ў множным ліку.

Звесткі аб выкананні задання для 5-6-х класаў вучнямі 5 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 5-6-х класаў вучнямі 6 класа:

Буслік

Пытанні №№ 6, 17, 19, 22, 25 і 28 ацэнены для ўдзельнікаў з розных паралеляў у розную колькасць балаў. Самым лёгкім (90% правільных адказаў) для пяцікласнікаў было пытанне №4 на вызначэнне сказа па мэце выказвання. Вучні шостага класа лепш за ўсё справіліся з пытаннем №5 (91% правільных адказаў), адгадаўшы загадку. Найбольш складаным (27% правільных адказаў) для ўдзельнікаў пятай паралелі аказалася пытанне №27 аб літаратурных паняццях. Для шасцікласнікаў самым складаным (32% правільных адказаў) стала пытанне №29 аб правільным напісанні зборных лічэбнікаў у форме творнага склону.

Інфармацыя аб выкананні задання для 7-8-х класаў вучнямі 7 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 7-8-х класаў вучнямі 8 класа:

Буслік

У розную колькасць балаў для розных класаў ацэнены пытанні №№ 1, 15, 20 і 24. Пытанне №2 пра дранікі стала самым лёгкім пытаннем гэтага задання (92% і 91% правільных адказаў адпаведна). Менш за ўсе правільных адказаў (21% і 20% адпаведна) удзельнікі далі на пытанне №27 пра правільна ўтвораныя словазлучэнні.

Звесткі аб выкананні задання вучнямі 9 класа:

Буслік

Самым лёгкім пытаннем гэтага задання аказалася пытанне №6 (83% правільных адказаў) пра суфікс у слове грыбны. Найбольш складаным (21% правільных адказаў) для дзевяцікласнікаў стала пытанне №18 пра правільна напісаныя адпаведнікі на беларускай мове словам на рускай мове.

Паспяховасць выканання задання для 10-11-х класаў дзесяцікласнікамі:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 10-11-х класаў вучнямі 11 класа:

Буслік

У сувязі з тым, што сярод прапанаваных варыянтаў адказаў не аказалася правільнага, пытанне №6 гэтага задання не ацэньвалася.

У гэтым заданні ў розную колькасць балаў для вучняў розных класаў ацэнены пытанні №№ 4, 10, 18, 20, 23 і 28. Найбольш паспяхова ўдзельнікі справіліся з адказам на пытанне №1 (88% і 79% правільных адказаў адпаведна) на веданне народнага выразу. Аднолькава паспяхова (79% правільных адказаў) вучні адзінаццатага класа справіліся з пытаннем №3 пра беларускі алфавіт. Менш за ўсё правільных адказаў (23%) дзесяцікласнікі далі на пытанне №15 аб словах з падваеннем зычных. Вучні адзінаццатага класа найгорш адказалі на пытанне №5 (20% правільных адказаў) пра народнае выслоўе.

Узровень складанасці заданняў у цэлым характарызуе сярэдні бал па краіне. На наступнай дыяграме паказаны сярэдні бал для кожнай паралелі:

Буслік

Звяртаем увагу ўдзельнікаў і арганізатараў конкурсу, што на працягу 15 дзён вынікі з'яўляюцца папярэднімі. У гэты час можна звяртацца з пытаннямі і заўвагамі, пасля чаго вынікі аб'яўляюцца канчатковымі.

Пасля размяшчэння канчатковых вынікаў удзельнікі, якія зарэгістраваны на сайце, змогуць дадаць у асабісты кабінет вынік свайго ўдзелу ў гульні-конкурсе і атрымаць электронны варыянт пасведчання ўдзельніка.

Кожны ўдзельнік конкурсу "Буслік-2025" атрымае прыз «для ўсіх». 20% удзельнікаў, якія паказалі лепшыя вынікі ў сваіх установах адукацыі, будуць заахвочаны прызамі «за высокі вынік».

Выказваем падзяку настаўнікам і арганізатарам за прадстаўленую навучэнцам магчымасць прыняць удзел у гульні-конкурсе.

Жадаем усім здароўя, добрага настрою, поспехаў у вучобе і ў інтэлектуальных спаборніцтвах.

uparrow