Кенгуру Буслiк Зубренок Пчёлка Лингвистенок Журавлик Инфомышка Белка Глобусенок Синица Олимпионок Кентаврик Ориончик

Вынікі гульні-конкурсу "Буслік-2021"

12.04.2021

Буслік

Падведзены вынікі конкурсу "Буслік-2021". Гульня-конкурс па беларускай мове і літаратуры "Буслік-2021" праводзілася 18 лютага 2021 года. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 81 615 навучэнцаў з 2 422 устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Размеркаванне ўдзельнікаў па рэгіенах адлюстравана на дыяграме:

Буслік

Конкурс праводзіўся па пяці варыянтах заданняў, якія былі падрыхтаваны для вучняў 3-11 класаў. Праявілі цікавасць і прынялі ўдзел у гульні і навучэнцы другога класа. Размеркаванне ўдзельнікаў у адпаведнасці з класамі наступнае:

Буслік

На дыяграмах ніжэй прыведзены дадзеныя аб тым, які працэнт правільных адказаў атрыманы ад удзельнікаў на кожнае з пытанняў задання. Узроўні складанасці пытанняў у 3, 4 і 5 балаў для нагляднасці вылучаны рознымі колерамі. Нагадаем, што ўзровень складанасці пытанняў вызначаецца пасля праверкі ўсіх работ па колькасці ўдзельнікаў, што адказалі на іх правільна. Дзесяць (восем для вучняў 2-4 класаў) найбольш лёгкіх пытанняў, на якія правільна адказала большасць удзельнікаў, ацэньваюцца па 3 балы, дзесяць (восем) найбольш цяжкіх пытанняў – па 5 балаў, астатнія дзесяць (восем) – па 4 балы.

Паспяховасць выканання задання для 3-4 класаў самымі малодшымі ўдзельнікамі, якія навучаюцца ў 2 класе:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 3-4-х класаў вучнямі 3 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 3-4-х класаў вучнямі 4 класа:

Буслік

У сувязі з тым, што сярод прапанаваных варыянтаў адказаў не аказалася правільнага, пытанне №10 гэтага задання не ацэньвалася.

Цікава параўнаць адказы ўдзельнікаў з розных паралеляў на адны і тыя ж пытанні. З 23 пытанняў задання на 16 лепш за іншых адказвалі чацвёртакласнікі, а на астатнія 7 – другакласнікі, прычым другакласнікі ў васьмі выпадках адказвалі лепш за трэцякласнікаў, а ў двух (№6 і №16) – аднолькава паспяхова з імі. Трэцякласнікі ж толькі на адно пытанне №4 адказалі лепш чацвёртакласнікаў і на два (№9 і №21) аднолькава паспяхова.

З дыяграм бачна, што не ўсе пытанні задання былі аднолькава складанымі для ўдзельнікаў з розных паралеляў. Так, пытанні №№11, 17, 18 19 і 22 ацэнены для ўдзельнікаў з розных паралеляў у розную колькасць балаў. Для ўсіх удзельнікаў пачатковых класаў самым лёгкім стала пытанне №2 (86%, 90% і 92% правільных адказаў адпаведна), у якім неабходна было дапоўніць сказ назоўнікам. Менш за ўсё правільных адказаў (19%, 16% і 16% адпаведна) атрымана на пытанне №21 (палічыць, колькі разоў сустракаецца гук у словах вершаванай загадкі).

Звесткі аб выкананні задання для 5-6-х класаў вучнямі 5 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 5-6-х класаў вучнямі 6 класа:

Буслік

З дыяграм бачна, што шасцікласнікі ў асноўным пацвярджаюць свой больш высокі статус. Толькі на адно пытанне №6 пяцікласнікі адказалі крышку лепш за шасцікласнікаў, а на чатыры пытанні (№№1,18,22 і 30) адказы аднолькава паспяховыя. У гэтым заданні ўсе пытанні ацэнены ў аднолькавую колькасць балаў для ўдзельнікаў з абедзвюх паралеляў. Самым лёгкім (77% і 80% правільных адказаў адпаведна) у гэтым заданні аказалася пытанне№8, у якім неабходна было дапоўніць дзеясловамі народныя выслоўі. Найбольш складаным (16% і 20% правільных адказаў адпаведна) у гэтым заданні аказалася пытанне №16, дзе трэба было выбраць з прапанаваных формы вуснага маўлення. Большасць удзельнікаў чамусьці вырашыла, што палілог не з'яўляцца формай вуснага маўлення.

Інфармацыя аб выкананні задання для 7-8-х класаў вучнямі 7 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 7-8-х класаў вучнямі 8 класа:

Буслік

У гэтых паралелях васьмікласнікі толькі на 20 пытанняў адказваюць лепш за сямікласнікаў. На шэсць пытанняў (№№10, 11, 13, 14, 20 і 22) гэта лепш робяць сямікласнікі, а на чатыры пытанні (№№4, 19, 29 і 30) яны адказваюць аднолькава паспяхова.

У гэтым заданні ў розную колькасць балаў ацэнены пытанні №№6, 9, 15 і 27. Пытанне №20, у якім неабходна было дапоўніць дзеясловамі народныя выслоўі, стала самым лёгкім пытаннем гэтага задання (81% і 80% правільных адказаў адпаведна). Менш за ўсе правільных адказаў атрымана на пытанне №29 (па 9% правільных адказаў). Абсалютная большасць удзельнікаў адказвалі, што інфармацыйная гутарка для журналістаў называецца інтэрв’ю. Аднак, інтэрв’ю – гэта гутарка журналіста з якой-небудзь асобай. Правільным з'яўляецца адказ “брыфінг” – інфармацыйная гутарка ДЛЯ журналістаў.

Звесткі аб выкананні задання вучнямі 9 класа:

Буслік

Самым лёгкім пытаннем гэтага задання аказалася пытанне №3 (83% правільных адказаў), у якім прапанавалася дапоўніць устойлівыя выразы назоўнікамі. Найбольш складаным для дзевяцікласнікаў стала пытанне №27. Толькі 16% удзельнікаў правільна адказалі, што значэнню ”паказ якой-небудзь з’явы ў смешным, камічным выглядзе” адпавядае літаратурны тэрмін “гумар”.

Паспяховасць выканання задання для 10-11-х класаў, над якім працавалі дзесяцікласнікі:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 10-11-х класаў вучнямі 11 класа:

Буслік

Цікава заўважыць, што пры амаль аднолькавай колькасці ўдзельнікаў у абедзвюх паралелях на 25 пытанняў задання дзесяцікласнікі адказвали значна лепш, чым адзінаццацікласнікі. Толькі на чатыры пытанні старэйшыя на адзін клас вучні, выпускнікі гэтага года, адказалі лепш і яшчэ на адно пытанне адказвалі аднолькава паспяхова. У гэтым заданні ў розную колькасць балаў ацэнены пытанні №8 і №15. Найбольш паспяхова ўдзельнікі справіліся з адказам на пытанні №5 (81% і 72% правільных адказаў адпаведна) і №7 (80% і 73% правільных адказаў адпаведна). Самым лёгкім пытаннем для вучняў 10 паралелі стала пытанне №5, у якім прапаноўвалася падабраць словам з польскай мовы беларускія адпаведнікі. Вучні 11 класа найбольш паспяхова адказвалі на пытанне №7 (устанавіць адпаведнасць паміж словамі-прафесіяналізмамі і прадстаўнікамі прафесій). Менш за ўсё правільных адказаў атрымана на пытанне №26 (17% і 15% правільных адказаў адпаведна).

Узровень складанасці заданняў у цэлым характарызуе сярэдні бал па краіне. На наступнай дыяграме паказаны сярэдні бал для кожнай паралелі:

Буслік

Звяртаем увагу ўдзельнікаў і арганізатараў конкурсу, што на працягу 15 дзен вынікі з'яўляюцца папярэднімі. На працягу гэтага часу можна звяртацца з пытаннямі і заўвагамі, пасля чаго вынікі аб'яўляюцца канчатковымі.

Пасля размяшчэння канчатковых вынікаў удзельнікі, зарэгістраваныя на сайце, змогуць дадаць у асабісты кабінет вынік свайго ўдзелу ў гульні-конкурсе і атрымаць электронны варыянт пасведчання ўдзельніка.

Выказваем падзяку настаўнікам, арганізатарам ва ўстановах, аддзелах і ўпраўленнях адукацыі, якія арганізавалі і правялі гульню-конкурс.

Кожны ўдзельнік конкурсу "Буслік-2021" атрымае прыз «для ўсіх». 20% навучэнцаў, якія паказалі лепшыя вынікі ў сваіх установах адукацыі, будуць заахвочаны прызамі «за высокі вынік».

Усім удзельнікам конкурсу жадаем здароўя і добрага настрою.

Поделиться: